РУ БЕ EN

Шлях да правільнага маўлення доўгі і складаны: як дапамагае дзецям дэфектолаг Наталля Гасціла

25.09.2024

Настаўніца пачатковых класаў дэфектолаг спецыяльнай школы­-інтэрната Навагрудка імя Л.Ф.Пашынскага Наталля Гасціла не толькі дапамагае дзецям навучыцца вымаўляць гукі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Вельмі важна, на яе погляд, даць дзецям магчымасць адчуць свае сілы, сацыялізавацца сярод аднагодак. Таксама Наталля Мікалаеўна актыўна дзеліцца педагагічнымі напрацоўкамі з калегамі.

Яшчэ ў дзяцінстве, калі наша гераіня вучылася ў сярэдняй школе № 6 Навагрудка, у яе нават не ўзнікала пытання, куды паступаць. Дзяўчынка дакладна ведала, што стане педагогам.

Выбраць дэфекталагічны факультэт тагачаснага Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага (сёння БДПУ імя Максіма Танка) ёй параіла класны кіраўнік Наталля Мікалаеўна Вайтовіч. Прыслухаўшыся да парады свайго педагога, дзяўчына паступіла на спецыяльнасць “Алігафрэнапедагогіка і практычная псіхалогія”. На той момант гэта быў новы напрамак у педагогіцы, так што вучыцца было цікава. Дыпламаваным спецыялістам Наталля Мікалаеўна была накіравана на работу ў Навагрудскую спецыяльную школу-інтэрнат. Першы год выконвала абавязкі практычнага псіхолага, праз год ёй далі першы клас. З тых часоў і працуе тут настаўнікам пачатковых класаў і адначасова дэфектолагам.

— Нашы навучэнцы — дзеці з асаб­лівасцямі псіхафізічнага развіцця, ім патрэбны спецыяльная дапамога і ўмовы, якія спрыялі б асвой­ванню вучэбных навыкаў, пераадоленню маўленчых цяжкасцей і паспяховай сацыялізацыі, — адзначыла Н.М.Гасціла. — Ва ўмовах агульнаадукацыйнай школы гэта зрабіць складана. Такім дзецям патрэбны спецыяльныя падыходы і тэхнікі. За ўсю маю практыку работы ў гэтай школе не было абсалютна аднолькавых дзяцей, кожны са сваімі праблемамі, цяжкасцямі. І да кожнага дзіцяці патрэбен індывідуальны падыход.

Якім жа павінен быць настаўнік у спецыяльнай школе? На гэтае пытанне Наталля Мікалаеўна адказала так:

— У першую чаргу цярплівым, тактоўным, мудрым, любіць і разумець дзяцей, прымаць іх асаблівасці. Яны, магчыма, і хацелі б самі справіцца з праблемамі маўлення, але проста не могуць гэтага зрабіць. Таму трэба праяўляць максімум цярпення і любові. Трэба навучыць іх не толькі пісаць, чытаць, лічыць, але і сябраваць, мець зносіны з аднагодкамі, сацыялізавацца ў жыцці. Вельмі важна развіць у такіх дзяцей уменні і навыкі ўстанаўлення адэкватных міжасобасных адносін, уменне ўсведамляць і прадбачыць вынікі сваіх дзеянняў і ўчынкаў. Працуючы ў школе-інтэрнаце, трэба праяўляць і мацярынскія пачуцці, таму што многія дзеці прыязджаюць на вучобу з іншых населеных пунктаў, усе яны маюць патрэбу ў клопаце, цяпле і вельмі сумуюць па сваіх мамах.

У сваёй рабоце педагог выкарыстоўвае інфармацыйныя тэхналогіі, тэхналогіі дыферэнцыраванага, індывідуальнага падыходаў, праблемнага навучання, гульнявыя тэхналогіі. Шукаць і знаходзіць новыя шляхі рэалізацыі пастаўленых задач ёй дапамагае ўдзел у інавацыйных праектах. Да таго ж вельмі важныя чалавечыя якасці, чуласць. І настаўніца ў гэтым плане з’яўляецца ўзорам для пераймання.

Якім павінен быць урок у спецыяльнай школе і як яго бачыць Наталля Гасціла?

— Педагогу трэба прадугле­дзець індывідуальныя асаблівасці кожнага дзіцяці. Умовы для арганізацыі дзейнасці вучняў павінны быць аптымальныя. Нельга такім дзецям патокам даваць усю інфармацыю, яны яе проста не засвояць. Важныя патрабаванні прад’яўляюцца да тэмпу, інтанацыі, нават да знешняга аблічча настаўніка, таму што дзеці вельмі адчуваюць педагога. У школе ніхто не ста­віць завышаных патрабаванняў, дзеці адчуваюць сябе камфортна, яны ўпэўненыя ў сабе, матываваныя на навучанне, паколькі яно пасільнае, — дзеліцца Наталля Мікалаеўна.

Адным з асноўных напрамкаў арганізацыі адукацыйнага працэсу з’яўляецца забеспячэнне яго карэкцыйнай накіраванасці. Заняткі па выпраўленні гукавымаўлення праводзяцца індывідуальна. Для пашырэння слоўнікавага запасу, развіцця граматычнага ладу мовы, звязнага маўлення выкарыстоўваюцца падгрупавыя або групавыя формы работы.

Часам шлях да правільнага самастойнага маўлення даволі доўгі і складаны. У 1 клас спецыяльнай школы трапляюць дзеці з даволі сур’ёзнымі праблемамі. Адны ма­юць праблемы ў моўным развіцці: не могуць вымаўляць гукі, блытаюць склады ў словах, не могуць пабуда­ваць выказванні. Асобная катэгорыя дзяцей мае цяжкасці ў навучанні. На жаль, часта праблемы дзяцей становяцца перашкодай у сацыялізацыі, яны адчуваюць дыскамфорт. Таму задача педагогаў — дапамагчы ім. І не толькі ва ўстанове адукацыі, дзе яны ўсе роўныя і ва ўсіх аднолькавыя магчымасці, але і тады, калі яны трапляюць у іншае асяроддзе.

За год навучання педагогам удаецца вывесці такіх цяжкіх дзяцей на больш актыўны слоўнікавы запас. Але для таго каб гэтыя дасягненні замацаваліся, аднаго года недастаткова. Калі ж у дзяцей парушана толькі гукавымаўленне або фразавая гаворка, вынікі за год значныя. Але і ў гэтым выпадку дэфектолагу трэба не толькі паставіць гукі, але і зафіксаваць іх, каб дзіця, ідучы ў іншую школу, адчувала сябе ўпэўнена.

Карэкцыя наяўных цяжкасцей прадугледжвае прыняцце комплексных мер. А гэта значыць, што комп­лекс педагагічных і карэкцыйных метадаў павінен спалучацца з наглядам дзіцячага неўролага і, вядома ж, з падтрымкай і ўдзелам бацькоў дзіцяці.

У спецыяльнай школе-інтэрнаце для навучэнцаў створаны ўмовы, якія дапамагаюць ім паспяхова авалодаць ведамі, уменнямі і навыкамі, прадугледжанымі вучэбнай праграмай.

— Я ўжо не ўяўляю сябе нас­таўнікам у звычайнай школе. Калі на працягу многіх гадоў думкамі жывеш у гэтым асяроддзі, то чаканні цалкам апраўдваюцца, — прызналася Наталля Мікалаеўна. — Вельмі прыемна бачыць вынікі сваёй працы, а гэта паспяховасць выпускнікоў школы ў жыцці, адаптацыя іх у соцыуме. Прыемна атрымліваць падзякі бацькоў, якія часам прыводзяць сюды сваіх дзяцей са слязамі на вачах і з вялікай надзеяй, што іх праблемы будуць вырашаны.

І сапраўды, у Навагрудскай спе­цыяльнай школе-інтэрнаце існуе ўнікальная магчымасць аказаць кожнаму дзіцяці, якое мае ў гэтым патрэбу, усебаковую комплексную дапамогу.

— Наталля Мікалаеўна выпрацавала ўласны стыль работы, які дае доб­рыя вынікі, яна карыстаецца аўтарытэтам у калектыве і з ахвотай дзеліцца сваім вопытам з калегамі, — расказаў дырэктар Навагрудскай спецыяльнай школы-інтэрната Алег Анікевіч. — Педагогі, якія прахо­дзяць атэстацыю на павышэнне катэгарыйнага ўзроўню, заўсёды ідуць да яе па кансультацыю. І заўсёды гэта дае станоўчыя вынікі. Кожны год яна право­дзіць майстар-класы і запрашае на іх маладых спецыялістаў і нас­таўнікаў-прадметнікаў школы.

Н.М.Гасціла з’яўлялася сакратаром атэстацыйнай камісіі школы, актыўна дапамагае павышаць кваліфікацыю людзям, якія працуюць побач з ёй. За апошнія пяць гадоў была ўзнагароджана граматай раённага Савета дэпутатаў, падзячным лістом старшы­ні Навагрудскага райвыканкама. Яе імя было занесена на віртуальную Дош­ку гонару Навагрудскага райвыканкама.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: