РУ БЕ EN

Унікальнае прадметна-прасторавае асяроддзе стварылі ў дзіцячым садзе № 12 Навагрудка

16.08.2024

Унікальнае прадметна-прасторавае асяроддзе стварылі ў дзіцячым садзе № 12 Навагрудка

16.08.2024

Убачыць на свае вочы і памацаць рукамі: унікальнае прадметна-прасторавае асяроддзе стварылі ў дзіцячым садзе № 12 Навагрудка. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Акцэнт на дзяржаўных сімвалах Рэспуб­лікі Беларусь, віртуальнае падарожжа па краіне і фотасправаздачы аб паходах дзяцей з бацькамі па Навагрудку, цікавы арт-аб’ект “Горад у аб’ектыве” і беларускія замкі, якія можна не толькі разгледзець на гатовых макетах, але і паспрабаваць скласці свой. Такая цікавая выхаваўчая прастора была створана педагогамі дзіцячага сада з дапамогай бацькоў выхаванцаў у 2023/2024 навучальным годзе.

— Адна з гадавых задач прадугледжвала фарміраванне ў выхаванцаў грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці ў працэсе набыцця ўяўленняў аб Рэспубліцы Беларусь, яе дзяржаўных, прыродных сімвалах, выкарыстоўваючы эфектыўныя метады і тэхналогіі, — расказала намеснік загадчыка па асноўнай ­дзейнасці дзіцячага сада № 12 Навагрудка Вераніка Васільеўна Богуш. — Менавіта з мэтай яе рэалізацыі мы стварылі прадметна-прасторавае асяроддзе хола другога паверха. Кожны элемент тут мае сваё функцыянальнае прызначэнне і выкарыстоўваецца ў рабоце з дзецьмі. Мы пастараліся стварыць не толькі функцыянальную, але і атмасферную лакацыю, каб прыцягнуць увагу выхаванцаў, бацькоў і гасцей нашай установы.

Ад анлайн-падарожжаў…

Цэнтральнае месца тут займаюць дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Яркая, маляўнічая лакацыя з кветкавымі кампазіцыямі, безумоўна, выклікае цікавасць у выхаванцаў.

Наступная лакацыя знаёміць з Беларуссю, яе абласцямі, людзьмі, якія праславілі Радзіму.

Дзеці могуць даведацца аб прыродных сімвалах, архітэктурных аб’ектах, манументах і ўсім, што звязана з нашай краінай. І ўсё гэта дзякуючы шматфункцыянальнаму дыдактычнаму дапаможніку “Маршрут пабудаваны, або Падарожжа па Беларусі”.

Кожны педагог або бацькі дзяцей, выкарыстоўваючы гэты дапаможнік, маюць магчымасць здзейсніць віртуальнае падарожжа па абласцях нашай Радзімы і ў цікавай, даступнай форме данесці інфармацыю да маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак.

…да сапраўдных прагулак

Далей увагу прыцягвае арт-аб’ект “Горад у аб’ектыве”. Гэтая лакацыя стала вынікам рэалізацыі праекта “Мой край і я. Чым больш даведваюся, тым больш ­захапляюся”.

— Ідэя праекта нарадзілася выпадкова, — успамінае В.В.Богуш. — Аднойчы мы прапанавалі бацькам разам з дзецьмі ў выхадны дзень наведаць гістарычныя месцы нашага горада. Выхаванцы потым прыносілі фатаграфіі, расказвалі, што і дзе яны бачылі. Але мы зразумелі, што веды дзяцей абмяжоўваюцца апісальным аповедам, на жаль, яны не валода­юць гістарычнымі звесткамі пра архітэктурныя аб’екты роднага горада. Так і з’явіўся экспрэс-праект. Спачатку з дапамогай анкетавання вызначылі зацікаўленых баць­коў і прыцягнулі іх да рэалізацыі праекта. Была створана анлайн-платформа, распрацавана карта-схема — своеасаблівы маршрут падарожжаў па пэўных гістарычных месцах Навагрудка.

Мы давалі заданні бацькам на выхадныя дні, каб яны адправіліся ў падарожжа з дзецьмі і зрабілі фота- або відэасправаздачу. Кожны з іх меў доступ да анлайн-платформы і мог трансліраваць там сваю інфармацыю. Каб праект не быў хаатычным, мы перыядычна загружалі заданні, напрыклад, знайсці і сфатаграфаваць усе месцы нашага горада, дзе намаляваны архангел Міхаіл. Якое было здзіўленне бацькоў, калі яны налічылі іх 12! Заданні даваліся такія, каб можна было даведацца штосьці цікавае з гісторыі архітэктурнага аб’екта. Вынікам такіх падарожжаў сталі не толькі фотасправаздачы, але і відэаролікі, калажы, некаторыя размяшчалі на анлайн-платформе сапраўдныя прэзентацыі.

Прадуктам дзейнасці педагогаў і выхаванцаў стаў альбом інтэлект-карт “Па слядах юных гісторыкаў”. Пасля наведвання кожнага аб’екта дзеці ў дашкольнай установе разам з педагогамі замацоўвалі атрыманыя веды. Выхавальнікі спрабавалі праводзіць паралель “раней — цяпер”, рабілі інтэлект-карты, расказ­валі дзецям, што было раней і як архітэктурныя аб’екты выглядаюць цяпер, прыво­дзілі цікавыя факты з іх гісторыі. Такая форма работы дазволіла педагогам, здавалася б, складаны матэрыял раскласці па палічках і прывесці ў сістэму, даступную для разумення дзяцей і цікавую ім.

Па выніках праекта сумесна з бацькамі была аформлена арт-лакацыя. Тут размешчаны тыя архітэктурныя аб’екты, якія дзеці не наведалі і іх няма на платформе. Гэта, на думку педагогаў, хітры крок, каб прыцягнуць увагу бацькоў будучых выхаванцаў, выклікаць у іх цікавасць. У такім выпадку распачаты праект атрымае працяг і ў наступныя гады.

“Гістарычная спадчына”

Такую назву атрымала яшчэ адна лакацыя. Гэта дэкарыраваная сцяна, на якой размешчаны макеты замкаў у Гродне, Люб­чы, Навагрудку, Гальшанах, Лідзе і Міры. Кожны макет выкананы дэталёва, каб максімальна перадаць архітэктурныя асаблівасці рэальных будынкаў.

— Дэкарыраваная сцяна дае ўнікальную магчымасць нашым выхаванцам спазнаць гістарычную спадчыну сваёй малой радзімы, — адзначыла выхавальніца Вікторыя Алегаўна Ярашук. — Дзеці з цікавасцю разглядаюць замкі, а некаторыя нават дзеляцца свамі ўражаннямі ад тых муроў, дзе яны пабывалі з бацькамі. Даведацца пра гісторыю кожнага замка можна, калі навесці камеру тэлефона на QR-код. Відэазапіс ствараўся калектывам нашай установы, агучка адаптавалася да дзіцячага ўспрымання. Таксама тут ёсць гульнявая зона для дзяцей з магнітнай дошкай і здымнымі канструктыўнымі элементамі.

Выхаванцы могуць сканструяваць замак па ўласнай задуме або па слоўнай інструкцыі педагога. Усё гэта робіцца для развіцця творчых здольнасцей дзяцей і замацавання атрыманых уяўленняў.

Вялікім памочнікам педагогу ў рабоце стаў інтэрактыўны стол і падборка гульняў да кожнага замка. Усе яны агучаны, і дзіця само збірае пазл.

Гэтая лакацыя — унікальная магчы­масць спазнаць гісторыю замкаў, нашай малой радзімы ў рамках установы, нікуды не выязджаючы. І, вядома, гэта выхаванне патрыятычных пачуццяў, такіх як павага да нашай краіны, да яе гістарычнай і культурнай спадчыны.

Рэчы з мінулага

Выхавальніца Наталля Віктараўна Жулінская запрасіла наведаць невялікі музейны куток “Беларуская хатка”.

— Як сучасных маленькіх дзяцей азнаё­міць з жыццём і побытам нашых продкаў, як расказаць, што такое калаўротак, маслабойка, калі не паказаць гэтыя рэчы, даць іх памацаць! Так і ўзнікла ідэя стварыць беларускую хатку. Экспанатаў мы назбіралі вельмі шмат, яны змяняюцца ў адпаведнасці з тым, пра што мы хочам расказаць дзецям. Нашы выхаванцы могуць убачыць тут, як палілі ў печы, як выглядае чыгунок, карыта, у якім мыліся, чым раней прасавалі адзенне. Яны могуць не толькі ўбачыць усе гэтыя рэчы, але і ўзяць іх у рукі, даследа­ваць, сесці на ўслончык і пагушкаць ляльку ў калысцы, разгледзець посуд, — расказала Наталля Жулінская.

Немалаважнае значэнне ў дзіцячым садзе надаюць беларускаму ручніку. Ён ілюструе гісторыю беларускага народа, духоўнасць, творчасць. На ім ёсць і сімвалы Беларусі, і элементы народнага арнаменту.

Перыядычна ў “Беларускай хатцы” ла­дзяцца выставы ручнікоў, бо ўсе іх адначасова размясціць тут складана. Ёсць і скарбонка беларускіх народных казак, кожную з якіх можна знайсці па QR-кодзе, і бацькі гэтым карыстаюцца. А на мініяцюрнай выставе расказваецца пра беларускія рамёствы.

Стварэнне такога кутка дазваляе выхавальнікам дзіцячага сада развіваць у дзяцей патрыятычныя пачуцці, гордасць за свой народ, выхоўваць у іх павагу да ўсяго беларускага. І, што вельмі важна, дзецям гэта падабаецца.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: